Аўторак, 23.04.2024, 18:39
Вітаю Вас Госьць | RSS

...

Каталог артыкулаў

Галоўная » Артыкулы » Публікацыі

Тутэйшая Шляхта на Тузіне Гітоў


Мінская шляхта

| 05.01.2012 | Размаўляў Іван Бяспалы, «Тузін Гітоў» Тутэйшая Шляхта


Ансамбль «Тутэйшая Шляхта», які налічвае 20 чалавек, ужо дваццаты год выконвае песьні, якія амаль ніхто не сьпявае, ці наогул ніхто ня ведае. Толькі што пабачыў сьвет іх другі альбом, куды ўвайшлі старажытныя ваенныя і сьвецкія сьпевы, песьні местачковай шляхты, а таксама іх ўласныя творы. Лявон Махнач у інтэрвію «Тузіну Гітоў» распавёў пра свой унікальны калектыў, крытэр «малавядомасьці» і пра цяжкасьці выступаў на сцэне.

Ансамбль «Тутэйшая Шляхта» існуе ажно з 1992 году. Тады ў нэтрах Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту паўстала ідэя стварэньня калектыву, які выконваў бы, як народныя, так і ўласныя творы ў фольк і фольк-рок стылістыцы. Праграма калектыву складзена ў асноўным з малавядомых беларускіх песьняў. Асаблівая ўвага надаецца адраджэньню музыкі, калісь папулярнай у асяродзьдзі беларускай шляхты. Увесь гэты час музыкі часта гастралявалі, але ў студыі працавалі ня часта. Ня так проста запісаць калектыў, у які ўваходзіць 20 (!) чалавек. На іх рахунку ўсяго два альбомы. Першы выйшаў у 2001 годзе, а другі дыск пабачыў сьвет ажно праз 10 гадоў — пры канцы 2011 году. У новую працу «Тутэйшай Шляхты» ўвайшло 19 музычных твораў, сярод якіх можна пачуць старажытныя ваенныя песьні, сьвецкія сьпевы і музыку, песьні местачковай шляхты, а таксама ўласныя творы калектыву. Выхад альбома прысьвечаны 90-годзьдзю БДУ. Цікава, што ўжо 10 гадоў ансамбль носіць ганаровае званьне «Народны».

Між рэпэтыцыямі кіраўнік «Тутэйшай Шляхты» Лявон Махнач адказаў на пытаньні «Тузіна Гітоў».


ТГ: Чым па-вашаму вы адрозьніваецеся сярод іншых беларускіх калектываў, якія зьвяртаюцца да даўніх беларускіх сьпеваў?

Нам хацелася б адрадзіць музыку і сьпевы, якія гучалі калісьці, у XVI—XVII стагодзьдзях у шляхетных салёнах Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, нават магнаты-шляхцічы ўдзельнічалі ў сьвецкіх сьпевах пры дварах. Сярод збяднелай шляхты было нямала тых, хто меў музычную адукацыю і складаў песьні, многія зь якіх сталі народнымі. Мы зьвяртаемся і да такіх песняў. Імкнемся сьпяваць мнагагалосна, шукаем «шляхетна-інтэлігентную» манеру выкананьня.

ТГ: Ці часта абнаўляецца склад ансамбля? Ці засталіся ў ім людзі, якія граюць ад пачатку?

У склад калектыву ўваходзяць як выкладчыкі, так і студэнты. Пасьля заканчэньня БДУ многія зь іх ад’яжджаюць па разьмеркаваньні, і мы вымушаны ў такіх выпадках запрашаць новых. Але ёсць у нас і выканаўцы, якія працуюць у калектыве ад пачатку.

ТГ: Вы кажаце, што робіце стаўку на малавядомыя беларускія песьні. А ў чым крытэр «малавядомасьці»? І адкуль вы бярэце песьні для выкананьня?

Крытэр «малавядомасьці» ў тым, што песьню ў наш час амаль ніхто не сьпявае, ці наогул ніхто ня ведае. Ёсьць у нашым рэпэртуары даўно забытыя творы. А песьні бяром са старажытных зборнікаў, штосьці запісалі ад бабуль-дзядуль падчас экспэдыцыяў.

ТГ: Ці ў прынцыпе самаакупляльны ваш калектыў альбо існуе з датацыяў?

Калектыў наш аматарскі, самадзейны, створаны і дзейнічае пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, існуе з датацыяў. Аднак і камэрцыйная пэрспэктыва ў такой музыкі, канечне, ёсьць. Інфармацыя пра ансамбль прысутнічае ў даведніку «Шоў-бізнэс у Беларусі» і выступ калектыву можна замовіць на камэрцыйнай аснове. Досьвед падобных выступаў «Тутэйшая Шляхта» мае.

ТГ: Ці здараюцца складанасьці з выступамі, улічваючы вялікую колькасьць удзельнікаў гурта?

Бывае. Але складанасьці тыя звычайна зьвязаныя ня з колькасьцю ўдзельнікаў гурта, а з адсутнасьцю больш-меней дасканалай апаратуры. Здараецца, што не стае мікрафонаў, дынамікаў, сьветатэхнікі і гэтак далей.

ТГ: Вы самі якую музыку слухаеце?

Самую розную — ад клясычнай да року. Мяркую, што музыка павінна несьці сьвятло і гармонію… Мы ня ставім перад сабой нейкіх арыентыраў у беларускай і замежнай музыцы, «Тутэйшая Шляхта» — самабытны калектыў, мы імкнемся рабіць штосьці сваё, непаўторнае.

ТГ: Як зьбіраецеся прасоўваць свой новы альбом?

Для папулярызацыі альбома будзем выкарыстоўваць розныя магчымасьці, у першую чаргу канцэрты. Ужо ёсьць дамоўленасьць з кіраўніцтвам Нацыянальнага гістарычнага музэю Рэспублікі Беларусь, дзе можна будзе набыць наш дыск. Толькі што распачаў працу афіцыйны сайт «Тутэйшай Шляхты» , дзе таксама можна азнаёміцца з творчасьцю калектыву, і ў прыватнасьці з новым альбомам. Там можна паслухаць і спампаваць таксама тры песьні «Ходзіло-блудзіло», «What Child Is This», «На Йорданской рэчцы», якія мы адмыслова падрыхтавалі да Калядаў і навагодніх сьвятаў


Удзельнікі ансамбля «Тутэйшая Шляхта»:


Махнач Лявон — хормайстар, сьпевы (тэнар)

Грышчанка Вольга — хормайстар, цымбалы, сьпевы (сапрана)

Махнач Анатоль — хормайстар, адміністратар

Копыл Андрэй — сьпевы (барытон)

Васілеўскі Дзяніс — сьпевы (барытон)

Уласаў Раман — сьпевы (тэнар)

Вячорка Дзьмітры — сьпевы (тэнар)

Емяльянава Іна — сьпевы (альт)

Мацэральнік Вольга — сьпевы (альт)

Мурачова Людміла — сьпевы (альт)

Літвінава Юлія — сьпевы (аўтэнтычны альт)

Копцель-Сьцяпура Марыя — сьпевы (сапрана)

Жыбуль Вера — сьпевы (сапрана)

Круцько Валянціна — сьпевы (сапрана)

Мемех Валерыя — сьпевы (меца-сапрана)

Беляковіч Аляксандар — духавыя інструмэнты

Драмкова Марыя — духавыя інструмэнты

Івашкевіч Вольга — скрыпка

Пішчыкаў Ігар — клавішныя, баян, гармонік

Сьцяпура Дзяніс — тэхнічны адміністратар


Апрацоўка песьняў і кіраўніцтва — Лявон Махнач і Вольга Грышчанка.



Крыніца: http://tuzin.fm/article/65768/
Катэгорыя: Публікацыі | Дадаў: Тэхадмін (16.01.2012)
Праглядаў: 1142 | Рэйтынг: 0.0/0
Усяго каментароў: 0
Дадаваць каментары могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Мэню сайта
Фотаальбомы
Апытанка
Якія песьні ТШ Вам больш даспадобы?
Усяго адказаў: 106
Статыстыка

Анлайн усяго: 1
Гасьцей: 1
Карыстальнікаў: 0