Пятніца, 29.03.2024, 17:26
Вітаю Вас Госьць | RSS

...

Каталог артыкулаў

Галоўная » Артыкулы » Публікацыі

Памяці Віктара Навуменкі (Тутэйшая Шляхта)

Дзесяць год таму як пайшоў з жыцця Навуменка Віктар Іванавіч, адданы сын Беларусі, выдатны вучоны, выдатны настаўнік, загадчык кафэдры фізікі і вышэйшай матэматыкі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, старэйшы навуковы супрацоўнік.


Нарадзіўся Віктар Іванавіч 5 студзеня 1949 г. ў вёсцы Васілевічы Рэчыцкага раёну, Гомельскай вобласці. Ў 1966 годзе скончыў Васілевіцкую сярэднюю шк. №1 з залатым медалём. Паступіў вучыцца на фізічны факультэт БДУ імя У.І.Леніна. Інакш і быць не магло – гэта быў час панавання фізікі і пакарэння космасу. У 1971 годзе з чырвоным дыпломам скончыў фізічны факультэт і быў накіраваны на працу ў НДІ ПФП БДУ. У Міжнародным дзяржаўным эклагічным універсітэце імя А.Д.Сахарава Віктар Іванавіч працаваў з 1994 г., дзе з 1999 г. узначаліў кафэдру фізікі і вышэйшай матэматыкі.

Асобна трэба сказаць пра вялікую любоў Віктара Іванавіча да сваёй бацькаўшчыны-Беларусі. Гэта любоў прывяла яго ў патрыятычную арганізацыю – Беларускі Народны Фронт, дзе ён быў некалькі год сябрам Сойму. Потым ён стварыў і быў старшынёй Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі; быў таксама старшынёй арганізацыі ТБМ Маскоўскага раёну.

Усіх, хто добра ведаў Віктара Іванавіча не магла не здзіўляць яго разнабаковая таленавітасць. Віктар Іванавіч добра валодаў некалькімі замежнымі мовамі, умеў іграць на розных музычных інструментах, у тым ліку скрыпцы, прафесійна спяваў, складаў вершы, добра разумеў і бясконца любіў беларускую народную музыку, удзельнічаў у Народым хоры БДУ і ў Народым ансамблі "Тутэйшая шляхта”.

Заўчасна адышоў ад нас Віктар Іванавіч (7 траўня 2002 года), але светлая памяць аб гэтым цудоўным чалавеку назаўжды застанецца ў сэрцах тых, хто сустракаўся з ім.
Вершы Віктара Іванавіча "Мы цэнтар Эўропы” і "Гімн Міжнароднага экалагічнага універсітэта імя А.Д.Сахарава”

Мы цэнтар Эўропы

Мы, цэнтар Эўропы, - як цэнтар Сусьвету:
Скрыжальнік думак і ўсіх дарог,
І лёс наш – гонар за ўсю плянэту
На беларускіх трымаць плячох.

Мы безьліч бедаў у смузе стагодзяў
Рашылі ладна, на прышласьць усім,
І гучна слава аб нас, Народзе,
У душы шчырых унесла ўздым.

Скрозь нашы рэкі чуваць разломы,
Што аж да сэрца ідуць Зямлі.
Таму пульсуе да нас бяз стомы
Імпэт, каб спраўдзіць мы ўсё змаглі!

Мы горда месца сваё займаем
Сярод азёраў, лясоў, балот
І цьвёрда верым, дакладна знаем,
Што вечны ў часе ліцьвінскі род!

2001 г.

Гімн Міжнароднага экалагічнага універсітэта імя А.Д.Сахарава

Ты – Беларусі новае равеснік
Якраз тады яе ўбачыў свет.
Ты – наш маяк, ты будучыні веснік,
Наш родны, мілы Універсітэт.

Ад зла Чарнобыля ты зычыш дапамогу
Усім народам, на ўвесь белы свет,
Таму сягай на слынную дарогу,
Наш Міжнародны Універсітэт.

Каб на планеце жыцце не згасала
І каб нялюдскі не настаў сюжэт,
Ты рэй вядзеш і ўжо зрабіў нямала,
Экалагічны Універсітэт.

Цябе хрысцілі дзеячы сумлення,
Якіх ніколі не забудзе свет,
Таму жыві і слаўся ў пакаленнях,

Наш Сахараўскі Універсітэт.

2001 г.



Крыніца: http://tbm-mova.by/news_267.html
Катэгорыя: Публікацыі | Дадаў: Тэхадмін (23.05.2012)
Праглядаў: 1314 | Каментары: 1 | Рэйтынг: 0.0/0
Усяго каментароў: 1
+1  
1 вера   (29.05.2012 23:04) [Матэрыял]
smile Ребята вы молодцы. Спасибо вам за это.

Дадаваць каментары могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Мэню сайта
Фотаальбомы
Апытанка
Якія песьні ТШ Вам больш даспадобы?
Усяго адказаў: 106
Статыстыка

Анлайн усяго: 1
Гасьцей: 1
Карыстальнікаў: 0